САКАВІ́ЦКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1654, Артыкулы Войска Запарожскага,
акт, які юрыдычна аформіў далучэнне Украіны да Рас. дзяржавы паводле рашэння Пераяслаўскай рады 1654. Складзены гетманам Б.Хмяльніцкім ад імя Войска Запарожскага і прадстаўлены ў Маскве ўкр. пасольствам цару Аляксею Міхайлавічу, які 31 сак. зацвердзіў іх і 6 крас. дапоўніў спец. граматай. Паводле С.а. (23 пункты) Украіна ўваходзіла ў «вечнае падданства» да цара і яго нашчадкаў, але захоўвала пэўную аўтаномію — выбарнасць гетмана, яго права прымаць і адпускаць паслоў замежных краін (акрамя Рэчы Паспалітай і Турцыі) пры інфармаванні цара пра змест перагавораў, асобны казацкі суд, недатыкальнасць казацкіх маёнткаў, самакіраванне гарадоў і інш. Колькасць казацкага войска на службе ў цара вызначалася ў 60 тыс. чал. Правасл. царква рабілася пануючай на Украіне. С.а. да 1720-х г. былі асновай для пацвярджэння правоў Левабярэжнай Украіны пры выбранні новых гетманаў.
Літ.:
Голобуцкий В. Дипломатическая история освободительной войны украинского народа 1648—1654 гг. Киев, 1962.
Г.В.Прыбытка.
т. 14, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)